Всем ПРИВЕТ!

Кулінарныя традыцыі беларусаў - гэта прастата народных рэцэптаў, разнастайнасць выкарыстаных мясцовых прадуктаў, незвычайныя спосабы прыгатавання. На віртуальнай пляцоўцы кожны знойдзе для сябе карысную і неабходную інфармацыю...

Беларускія сямейныя абрады

    Беларускае вяселле было і застаецца вялікім урачыстым і радасным святам. Яно ўключае ўсе віды народнага мастацтва: сустрэчу маладых,  урачысты наказ, віншаванні, жанравую музыку, народныя танцы, песні, гульні. Застолле заўсёды праходзіць весела, з народным гумарам. У добрых пажаданнях, вясёлых прыказках, жартах, здравіцах праяўляюцца пачуцці любові і павагі да жаніха  і нявесты, бацькоў маладых, шанавання сваякоў і ўсіх прысутных. На вясельны стол, падаюць традыцыйныя кулінарныя стравы, спіс страў вельмі разнастайны. І калі браць па рэгіёнах нашай краіны, то тут таксама ёсць адрозненні. У некаторых рэгіёнах спецыяльна для маладых ставяць на стол запечаную курыцу, яечню-калатуху, узвар. Паводле народнага павер'я, гэтыя кулінарныя стравы і напіткі з'яўляюцца сімвалам працягу роду, дабрабыту і здароўя маладажонаў. У канцы ўрачыстай трапезы звычайна падаюць каравай - сімвал матэрыяльнага дастатку.

    Ён выпякаецца круглай формы і ўпрыгожваецца разнастайнымі фігуркамі з цеста. Выпечка каравая з'яўляецца важным элементам вясельнай абраднасці. каравай павінен пячыся ў хаце і жаніха, і нявесты. Прытым рабіць гэта павінны жанчыны -каравайніцы, бо людзі вераць, што іх выбпр уплывае на лёс маладых. Галоўнай сярод каравайніц, лічылася хросная маці.  Астатнія жанчыны -каравайніцы павінны быць паспяховымі ў шлюбе мясцовымі жыхаркамі, і яшчэ маюць дзяцей. Для жаніха, на караваі звычайна прысутнічае знак месяца, а для нявесты на каравай прымацоўваюць касу з цеста. Разам з караваем выпякаюць яшчэ невялікія "шышкі", якія напамінаюць галінкі дрэў з цеста. Імі ўпрыгожваюць каравай, завязваючы "шышкі" зверху стужкай. Дарэчы, гэта стужка потым захоўваецца ў хаце маладых, бо, па павер'ях, яна набывае лекавыя ўласцівасці.  У працэсе замесу цеста, упрыгожвання, выпечкі каравая маладыя дзяўчаты спявалі песні. Жанатыя мужчыны сяклі дровы і выпальвалі ў печы, а саджаць каравай у печ запрашаўся нежанаты хлопец. Лічылася, што чым больш будзе людзей, шуму, весялосці і смеху, тым лепшы ўдасца каравай, а разам з тым і будучае жыццё маладых.  Дзялілі каравай у адпаведнасці з рытуалам, які фарміраваўся стагоддзямі. Рабіў гэта сват. Сярэдзіну каравая ён аддаваў маладым, ніз - музыкам, а астатнюю частку дзяліў паміж гасцямі. За кавалачак каравая кожны, хто прысутнічаў, чым небудзь адорваў маладых.
   Для беларускіх радзін таксама былі характэрны свае абрадавыя хлебабулачныя вырабы, стравы і напіткі: хрусты, пернікі, аладкі з макам, яечня - калатуха, узвары, квасы. Сярод іх асобнае месца займала "бабіна каша". Варылі яе з прасяных або  грэцкіх круп у гліняным гаршку. За права валодаць гэтай абрадавай стравай ішоў "шумны" гандаль. Паводле абраду, яе ўручалі таму госцю, які разбіваў гаршчок, рэзаў на кавалачкі кашу, частаваў усіх прысутных.
      Па сённяшні дзень захаваліся і памінальныя звычаі і абрады. Асабліва вылучаўся культ восеньскіх "дзядоў". Да іх старанна рыхтаваліся: наводзілі  парадак і чысціню ў доме і на могілках. На памінальную вячэру падавалі абрадавыя стравы, кулінарныя вырабы і напіткі: квас, медавуху, збіцень, студзень, куццю, канун.
      Для  традыцыйнай сервіроўкі беларускага стала характэрна разнастайнасць рэчаў, посуду, вырабленага з гліны, дрэва, металу, лазы, шкла, ільну, саломкі. Асаблівасць, якая адрознівае беларускую сервіроўку стала, заключаецца ў тым, што асобныя стравы, кулінарныя вырабы падаюць гарачымі і ў тым посудзе, у якім гатаваліся. На падстаўках у патэльнях падаюць яечню-калатуху, шкваркі з сала, камавікі, дранікі, смажаную каўбасу. Смажаныя тушкі птушкі, парасяці разразаюць на часткі і падаюць так, каб яны захоўвалі першапачатковую форму і выгляд. Каля іх ў невялікіх судках ставяць гарчыцу, цёрты хрэн.
  Паводле традыцыі, тым, хто сядзіць за сталом, падаюць ручнікі з нацыянальнымі ўзорамі, хлеб сваёй выпячкі звычайна кладуць на льняны абрус і накрываюць палатнянай сурвэткай. Ён з'яўляецца не толькі пачастункам, але і ўпрыгажэннем стала, сімвалам дастатку сям'і. На стол заўседы падавалі бярозавы, кляновы сок або квас, напіткі і настоі з розных ягад і дзікарастучых раслін, медавуху, кулагу, саладуху. Іх ставілі звычайна пасярод стала ў збанах.
 Трапеза пачыналася звычайна з халодных закусак. Падавалі салёныя, вараныя або смажаныя грыбы, квашаную капусту, маласольныя агуркі, адвараную або смажаную рыбу. На ўрачыстае застолле першыя стравы не падавалі. У канцы трапезы на стол ставілі вырабы з цеста: хрушчы, пернікі, каржы. У посуд, выраблены з дрэва, накладвалі свежыя яблыкі, слівы, грушы, плады рабіны, каліны.

1 комментарий:

  1. З вялікай асалодай прачытала пра беларускія сямейныя абрады, якія захаваліся і па сённяшні дзень. Нават раблю запісы з матэрыялаў Вашай каштоўнай майстэрні, дзе хочацца пабыць як мага больш часу. Вялікі дзякуй за добрую справу.

    ОтветитьУдалить